Тэма 8. МАНАЛОГ. КЛАСІФІКАЦЫЯ МАНАЛАГІЧНЫХ ВЫКАЗВАННЯЎ

 

Падзел маўлення на маналог і дыялог па ліку ўдзельнікаў дзеяння (маналог – маўленне адной асобы, дыялог – маўленне дваіх) быў вядомы ўжо ў Старажытнай Грэцыі. Гэты падзел выкарыстоўваўся ў рыторыцы, філасофіі, логіцы.

Маналагічнае маўленне (ад грэч. μόνος ‘адзін’ і λόγος ‘слова’, маўленне) – форма (тып) маўлення, якая ўтвараецца ў выніку актыўнай маўленчай дзейнасці, разлічанай на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыманне. Часам маналагічнае маўленне вызначаюць і як  інтэрперсанальны маўленчы акт. Для маналагічнага маўлення тыповыя значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, што маюць індывідуальную кампазіцыйную пабудову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праявы гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (мастацкі маналог, бытавы аповед і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне і інш.) прыналежнасці маналогу [24, с. 89].

З жыццёвага пункту гледжання маналог малаверагодны і малаэфектыўны: у побыце гаворка сітуатыўная, адна рэпліка выклікае другую, ідзе чаргаванне выказванняў.

З псіхалагічнага пункту гледжання маналог ненатуральны, бо, паводле тэорыі камунікацыі і маўленчых актаў, гаворка павінна мець адрасата, павінна быць звернутая да суразмоўцы. Пры такім падыходзе маналог не з’яўляецца гаворкай аднаго, як ён звычайна вызначаецца, а рэплікай у дыялогу, расцягнутай у часе і ў аб’ёме. Л. С. Выгоцкі
не прызнаваў самастойнасці маналогу, ён сцвярджаў, што адзін моўца заўсёды звяртаецца да нейкага адрасата, магчыма ўяўнага.

Не толькі ў тым, што вымаўляецца, і тым больш у запісаным маналогу, але нават у думках чалавек звернуты да меркаванага суразмоўцы, як бы прыкідвае яго рэакцыю на сваю думку: прамоўца абдумвае маўленне і прагназуе яго ўспрыманне, той, хто піша ліст, прадчувае рэакцыю свайго адрасата.

Найбольш натуральны маналог у тэатры: персанажу неабходна данесці да гледача думкі, закладзеныя драматургам, і тут маналог яму неабходны. У спектаклі або ў оперы маналог – адна з умоўнасцей, пра якія глядач ведае і на якія загадзя дае згоду. Але нават у тэатры той, хто прамаўляе маналог, мае патрэбу ў суразмоўцу (напрыклад, спарахнелы чэрап у трагедыі “Гамлет”).

Маналог натуральны і ў адукацыйным працэсе: прафесар чытае лекцыю студэнтам, выкладае ім навуковы курс, яны слухаюць, канспектуюць, часам звяртаюцца з пытаннямі. Але і ў гэтым выпадку можна падысці да лекцыі з пункту гледжання зносін, і адразу стане ясна, што гэта сітуацыя дыялагічная: прафесар перадае матэрыял (інфармацыю), студэнты яе ўспрымаюць, перапрацоўваюць у сваёй свядомасці, рыхтуюцца да зваротнай сувязі – да суразмовы, заліку, экзамену. А бывае, унутрана спрачаюцца з лектарам. Дарэчы, лекцыю ўспрымае і сам прафесар: ён не механічна паўтарае добра вядомы яму матэрыял, а абдумвае лекцыю, слухаючы сам сябе, нечаму радуецца, чымсьці ён задаволены, а чымсьці не задаволены.

Асаблівы від маналогу – гэта праца аўтара: пісьменніка, які працуе над раманам, вучонага, які піша артыкул у часопіс. Але спецыфіка пісьмовага маналогу ў магчымасці працяглай падрыхтоўкі, карэктаванні, стварэнні варыянтаў тэксту прыводзіць да таго, што маналогам яго не называюць.

Спецыфіка вуснага маналогу: у ім моцныя матывы самавыяўлення асобы; аслабленая ўстаноўка на адказ суразмоўцаў у параўнанні з рэплікамі дыялогу; структура, кампазіцыя маналогу заўсёды стражэйшая, яе арганізацыя вышэйшая, чым у рэпліцы дыялогу; тое ж можна сказаць і пра выбар моўных сродкаў – у ім менш выпадковага; маналог характарызуецца адноснай завершанасцю, як правіла, ён не патрабуе непасрэднай зваротнай сувязі. Нярэдка адзначаецца таксама, што маналог разлічаны на пасіўнае ўспрыманне. Наўрад ці з гэтым можна пагадзіцца: цяжка ўявіць сабе прамоўцу, артыста, які не разлічваў бы на рэакцыю сваіх слухачоў.

Віды маналогаў у жыцці: прамова аратара, эгацэнтрычная гаворка дзіцяці або дарослага, лекцыя ва ўніверсітэце, ліст – дзелавы або інтымны, дзённікавы запіс, малітва, маналог у драматычным творы, унутраны, разумовы, маналог, чытанне чужога тэксту або свайго ўласнага, паўзабытага.

Неабходна адрозніваць маналагічнае маўленне як працэс яго спараджэння і маналог як тэкст (гэтак жа, як мы адрозніваем маўленне – працэс і маўленне – тэкст). Маналагічнае маўленне актыўнае, але разлічанае на пасіўнае і адтэрмінаванае ўспрыманне, магчыма, на крытычнае перачытванне і абмеркаванне. Гэта маўленне строгае, адпаведнае правілам, кампазіцыйна выверанае. Але бываюць і маналогі-імправізацыі, у іх гучаць запал і захапленне.

Такім чынам, супастаўленне маналогу з дыялогам дапамагае зразумець яго прыроду, але не адмаўляе неабходнасці прымаць яго як самастойную форму маўлення [26, с. 128].

Маналог як від маўлення мае месца ў працэсе навучання. Напрыклад, школьныя маналогі – гэта пераказ прачытанага або пачутага, апавяданне па карціне, на аснове жыццёвага вопыту, паведамленне па выніках назіранняў, выступ, пісьмовае сачыненне і да т. п. [26, с. 126–128].

Маналог больш незалежны за дыялог, ён патрабуе вялікай сабранасці, засяроджанасці моўцы або пішучага, добрай папярэдняй падрыхтоўкі, значнага валявога намагання, кампазіцыйных і лагічных уменняў. Маналог, як правіла, не падтрымліваецца сітуацыяй або пытаннямі (сродкамі, якія падтрымліваюць маналог, могуць служыць карціны, план, розныя наглядныя матэрыялы). Матэрыял для маналогу часам назапашваецца на працягу доўгага часу, абдумваецца і запісваецца план, падбіраюцца прыклады, падрыхтоўваюцца асобныя яго фрагменты, адбіраецца лексіка. У маналогу неабходная адпрацоўка ўнутраных сувязей – лагічных, кампазіцыйных, а таксама сінтаксічных.

У адрозненне ад дыялогу маналог, як правіла, бывае адрасаваны не аднаму чалавеку, а шматлікім, прычым часам зусім не вядомым асобам. Такім чынам, маналог павінен быць складзены вельмі старанна, каб ён быў зразумелы любому слухачу або чытачу. Калі дыялог, як правіла, выклікае ў суразмоўцаў сумненні у сваёй мэтазгоднасці, то маналог нярэдка складаецца школьнікамі без дастатковай матывіроўкі: дзеці не зацікаўленыя працай, у іх няма стымулу, акрамя, вядома, валявога стымулу (дзеці складаюць пераказ, таму што гэтага патрабуе настаўніца). Вельмі важна таму ствараць такія сітуацыі, якія б надавалі б сэнс, значнасць тэкстам (маналогам), што складаюцца школьнікамі, у іх уласных вачах, каб яны адчувалі, усведамлялі карысць ад сваіх апавяданняў, твораў, паведамленняў. Вырашэнню гэтай задачы спрыяюць конкурсы на лепшыя апавяданні, сачыненні, вядзенне дзённікаў назіранняў, выпуск класнай і школьнай газеты, вусныя выступленні па школьным радыё, перад класам, на ранішніках і зборах [25, с. 382].

Публічнае выступленне – гэта вуснае маналагічнае выказванне з мэтай аказання ўздзеяння на аўдыторыю. У сферы дзелавых зносін найбольш часта выкарыстоўваюцца такія жанры, як даклад, інфармацыйная, вітальная і гандлёвая прамова.

У аснове класічнай схемы прамоўніцкага мастацтва ляжыць пяць этапаў:

1) падбор неабходнага матэрыялу, зместу публічнага выступлення (ад лац. inventio ‘вынаходніцтва’);

2) складанне плана, размеркаванне сабранага матэрыялу ў неабходнай лагічнай паслядоўнасці (ад лац. dispositio ‘размяшчэнне’);

3) “слоўнае выражэнне”, літаратурная апрацоўка маўлення,

4) завучванне, запамінанне тэксту (ад лац. memoria ‘памяць’),

5) вымаўленне.

Антычная рыторыка выключна вялікае значэнне надавала падрыхтоўцы публічнага выступлення (гэта чатыры з пяці этапаў прыведзенай схемы). Грэкі казалі, што прамовы Дэмасфена прасякнуты алеем начной лампады, пры святле якой ён іх складаў.

Падрыхтоўка да любога прамоўніцкага маналогу пачынаецца з вызначэння яго тэмы і мэты. Тэму вызначае альбо сам аўтар, альбо тыя, хто запрашае яго з выступленнем. Назва выступлення павінна быць яснай, выразнай, па магчымасці кароткай. Яна павінна адлюстроўваць змест прамовы і прыцягваць увагу слухачоў.

Прыступаючы да распрацоўкі тэксту, неабходна вызначыць мэту выступлення. Моўца павінен ясна ўяўляць, якой рэакцыі ён дамагаецца. Асноўныя мэты публічнага маналогу – паведамленне і ўздзеянне. Дакладчык можа паставіць задачу інфармаваць слухачоў, даць пэўныя звесткі. Ён можа разлічваць на тое, каб усхваляваць аўдыторыю, сфарміраваць у людзей перакананні, уяўленні, якія стануць матывамі іх паводзін. Часта гэтыя мэты перакрыжоўваюцца, сумяшчаюцца ў адным выступленні. Свае мэты і задачы варта паведаміць слухачам.

Важна ацаніць склад будучай аўдыторыі. Хайнц Лемерман, аўтар “Падручніка рыторыкі”, заклікае загадзя настроіцца на сваіх слухачоў, паставіць сябе на іх месца, убачыць рэчы іх вачыма. Рыхтуючы прамову, трэба ўлічваць адукацыйны ўзровень, кірунак адукацыі (гуманітарнае, тэхнічнае), пазнавальныя інтарэсы, пол, узрост слухачоў, іх стаўленне да тэмы і да прамоўцы.

Заўсёды лягчэй гаварыць, звяртаючыся да аднастайнага (гамагеннага) складу (дылетанты, спецыялісты, калегі, студэнты, людзі аднолькавых палітычных поглядаў і г. д.). Чым аднастайнейшая аўдыторыя, тым больш адзінадушная рэакцыя на выступленне.

Звяртаючыся да моладзі, нельга падлашчвацца, ліслівіць, павучаць, папракаць у няведанні, некампетэнтнасці, падкрэсліваць сваю перавагу, ухіляцца ад вострых праблем і пытанняў. Перад слухачамі з высокім узроўнем прафесійнай або навуковай падрыхтоўкі нельга выступаць, калі няма новых поглядаў, падыходаў да вырашэння праблемы, нельга дапускаць паўторы, трывіяльныя меркаванні, дэманстраваць сваю перавагу, злоўжываць лічбамі, цытатамі, ухіляцца ад сутнасці праблемы.

У неаднароднай (гетэрагеннай) аўдыторыі прадстаўляць прамову цяжэй. Калі публіка розная па складзе, трэба па магчымасці адрасаваць нейкі фрагмент кожнай групе. Варта загадзя падумаць пра тое, што сказаць асобным, асабліва аўтарытэтным, важным персонам, калі вы ведаеце, што яны прыйдуць.

Неабходна таксама высветліць колькасць аўдыторыі. Вялікай колькасцю слухачоў складаней кіраваць. У велізарнай масе чалавек легкаверны, не здольны да крытыкі, бачыць усё ў чорна-белых фарбах, рэагуе на эмоцыі. Чым большая аўдыторыя, тым прасцей, вобразней варта казаць. Веданне сваіх слухачоў, “прыцэльная” падрыхтоўка прамовы набываюць асаблівае значэнне пры абмеркаванні нейкага цяжкага пытання ў вузкім коле спецыялістаў, дзелавых людзей.

Варта даведацца, у якой абстаноўцы будзе праходзіць выступ – у зале, у кабінеце, ці ёсць там кафедра, стол, мікрафон.

Кафедра дапамагае накіраваць увагу на прамоўцу, за ёй трэба размяшчацца свабодна, нязмушана, усталяваўшы і імкнучыся захоўваць пастаянна адлегласць у 20–30 сантыметраў паміж ротам і мікрафонам.

Праксеміка – навука аб часавай і прасторавай арганізацыі зносін, якая апісвае розныя спосабы размяшчэння слухачоў у аўдыторыі.

Аўдыторнае размяшчэнне. Прамоўца аддзелены ад аўдыторыі. Зваротная сувязь абцяжараная. Вялікая колькасць удзельнікаў.

Канферэнцыя: афіцыйна. Па субардынацыі. Можа выклікаць канфрантацыю, супрацьстаянне меркаванняў.

Падкова: спрыяе ўзаемадзеянню. Даступны візуальны кантакт. Добрыя магчымасці кантролю.

Круглы стол: аб’ядноўвае людзей, дэмакратызуе абстаноўку абмеркавання праблем.

Наступная ступень – складанне тэксту – пачынаецца з падбору матэрыялу. Каб выступленне атрымалася змястоўным, лепш выкарыстоўваць не адну крыніцу, а некалькі. Крыніцы матэрыялу падзяляюцца на групы:

1) непасрэдныя – матэрыял, здабыты аўтарам з жыцця шляхам назіранняў, уласнага вопыту:

а) веды, практыка;

б) асабістыя кантакты, гутаркі, інтэрв’ю;

в) уяўленне – стварэнне новых карцін, вобразаў, праектаў на аснове мінулага вопыту з элементамі творчасці;

2) апасродкаваныя:

а) афіцыйныя дакументы;

б) навуковая і навукова-папулярная літаратура;

в) мастацкая літаратура;

г) артыкулы газет і часопісаў;

д) перадачы радыё і тэлебачання;

е) даведачная літаратура: энцыклапедыі, слоўнікі;

ж) вынікі сацыялагічных апытанняў.

“Жывы” вопыт заўсёды добра ўспрымаецца слухачамі, ён пераканаўчы, яму вераць.

Матэрыял публічнага выступлення можа быць тэарэтычным і фактычным. Насычанасць прамовы тым ці іншым тыпам матэрыялу залежыць ад жанру. Так, у справаздачным дакладзе патрабуецца прыводзіць мноства фактаў, каб даказаць становішча і пераканаць слухачоў. Матэрыял выступлення павінен быць праўдзівым. Папярэдне правяраюць дакладнасць інфармацыі, лічбаў, дат, цытат, імёнаў.

Сістэматызуючы матэрыял, прамоўца стварае план, прадумвае кампазіцыю, логіку выкладу, складае і рэдагуе тэкст.

Падрыхтоўка пісьмовага тэксту мае шмат пераваг. Напісаную прамову можна правяраць, выпраўляць; яна лягчэй запамінаецца і даўжэй утрымліваецца ў памяці. Пісаць варта на асобных лістах, на адным баку. Дасведчаны прамоўца можа абмежавацца складаннем тэзісаў, канспекта або разгорнутага плана выступлення.

Рэпетыцыя ўяўляе сабой вымаўленне тэксту ў думках альбо ўслых, лепш перад люстэркам. Трэба знайсці такую позу, у якой вы адчуваеце сябе лёгка і зручна, і пастарацца яе запомніць; прадумаць жэсты, прыёмы ўстанаўлення кантакту. Вопыт паказвае, што на кожную хвіліну выступлення прыпадае 20–25 хвілін падрыхтоўкі. Калі выступленне старанна распрацавана, то ў момант сустрэчы са слухачамі моўца будзе трымацца ўпэўнена. Існуе тры спосабу вымаўлення прамовы:

1) чытанне тэксту;

2) узнаўленне па памяці з чытаннем асобных фрагментаў (з апорай на тэкст);

3) свабодная імправізацыя (экспромт).

Чытаюць такія прамовы, ад тэксту якіх нельга адступіць, – дыпламатычныя, урачыстыя даклады і судаклады афіцыйнага зместу. Астатнія віды, як правіла, прамаўляюць з апорай на пісьмовую аснову. Дастаткова апусціць погляд на старонку, каб аднавіць ход выкладу, знайсці патрэбную лічбу. Такое выступленне стварае ўражанне вольнага валодання матэрыялам, дае магчымасць прамоўцу ўпэўнена мець зносіны са слухачамі. У моўцы, аднак, не заўсёды ёсць магчымасць папярэдне падрыхтаваць тэкст. Часам на нарадах, пасяджэннях, сходах, сустрэчах даводзіцца выступаць экспромтам. Пры гэтым патрабуецца вялікая мабілізацыя памяці, энергіі, волі. Імправізацыя магчымая толькі на базе вялікіх ведаў, валодання рытарычнымі навыкамі.

Пасля выступлення моўца часта адказвае на пытанні слухачоў, палемізуе з імі. Такая форма зносін патрабуе ад прамоўцы хуткай рэакцыі, добразычлівасці, валодання гумарам. Адказ выступоўцы прызначаецца не толькі таму, хто пытаецца, але і ўсім прысутным.

Методыка прамоўніцкага мастацтва рэкамендуе не спяшацца з адказам, а спачатку пераканацца, што пытанне правільна зразумела; адказваць лаканічна, ясна і па сутнасці, не даваць неабгрунтаваных або няпэўных адказаў; мець пад рукой даведачны матэрыял для тых, хто хоча атрымаць больш падрабязнае абгрунтаванне вашых здагадак.

Самая вышэйшая праява майстэрства публічнага выступу – гэта кантакт са слухачамі, г. зн. агульнасць псіхічнага стану прамоўцы і аўдыторыі. Гэта агульнасць ўзнікае на аснове сумеснай разумовай дзейнасці, падобных эмацыйных перажыванняў. Стаўленне таго, хто гаворыць, да прадмета прамовы, яго зацікаўленасць, перакананасць выклікаюць у слухачоў рэакцыю ў адказ. Як гаворыць прыказка, слова належыць напалову таму, хто кажа, і напалову таму, хто слухае. Галоўныя паказчыкі ўзаемаразумення паміж камунікантамі – станоўчая рэакцыя на словы выступоўцы, знешняе выражэнне ўвагі ў слухачоў (іх засяроджаны погляд, воклічы адабрэння, кіўкі галавой, усмешкі, смех, апладысменты), “рабочая” цішыня ў зале. Кантакт – велічыня пераменная. Ён можа быць поўным (з усёй аўдыторыяй) і няпоўным, устойлівым і няўстойлівым у розныя фрагменты вымаўлення прамовы. Каб заваяваць аўдыторыю, трэба ўсталяваць з ёй і пастаянна падтрымліваць, зрокавы кантакт. Выступоўца звычайна павольна абводзіць поглядам слухачоў. Перад пачаткам прамовы трэба вытрымаць невялікую псіхалагічную паўзу – 5–7 секунд.

Якой бы цікавай ні была тэма, увага аўдыторыі з часам прытупляецца. Яе неабходна падтрымліваць з дапамогай наступных прамоўніцкіх прыёмаў:

1) пытальна-зваротны прыём. Прамоўца ставіць пытанні і сам на іх адказвае, вылучае магчымыя  сумненні і пярэчанні, высвятляе іх і прыходзіць да пэўных высноў;

2) пераход ад маналогу да дыялогу (палеміцы) дазваляе далучыць да працэсу абмеркавання асобных удзельнікаў, актывізаваць тым самым іх цікавасць;

3) прыём стварэння праблемнай сітуацыі. Слухачам прапануецца сітуацыя, якая выклікае пытанне “Чаму?”, што стымулюе іх пазнавальную актыўнасць;

4) прыём навізны інфармацыі, гіпотэз прымушае аўдыторыю меркаваць, разважаць;

5) апора на асабісты вопыт, меркаванні, якія заўсёды цікавыя слухачам;

6) паказ практычнай значнасці інфармацыі;

7) выкарыстанне гумару дазваляе хутка заваяваць аўдыторыю;

8) кароткае адступленне ад тэмы дае магчымасць слухачам “адпачыць”;

9) запаволенне з адначасовым паніжэннем сілы голасу здольна прыцягнуць увагу да адказных месцах выступу (прыём “ціхі голас”).

Дзейсным сродкам кантакту з’яўляюцца спецыяльныя словы і выразы, якія забяспечваюць зваротную сувязь. Гэта асабовыя займеннікі
1-й і 2-й асобы (я, вы, мы, мы з вамі), дзеясловы ў 1-й і 2-й асобе (паспрабуем зразумець, адзначым, прашу вас, адзначце сабе, падумайце, канкрэтызуем і інш.), звароты (паважаныя калегі, дарагія мае), рытарычныя пытанні (Вы ж хочаце пачуць маё меркаванне?). Пералічаныя моўныя сродкі кантакту дапамагаюць пераадолець “бар’ер”, служаць аб’яднанню таго, хто гаворыць, са слухачамі [13, с. 12].